КАДЫ́СКАЯ КАНСТЫТУ́ЦЫЯ 1812,
першая нац. канстытуцыя Іспаніі, прынятая Устаноўчымі картэсамі 18.3.1812 у г. Кадыс. Абвешчана 19 сак. ў ходзе Ісп. рэвалюцыі 1808—14 (гл. Іспанскія рэвалюцыі 19 стагоддзя). Паводле канстытуцыі Іспанія абвяшчалася спадчыннай манархіяй, у якой заканад. ўлада належала картэсам і каралю, выканаўчая — каралю, абвяшчаліся таксама свабода асобы і недатыкальнасць жылля, роўнасць правоў іспанцаў у метраполіі і ісп. калоніях; каталіцтва абвяшчалася афіц. рэлігіяй, забаранялася вызнанне інш. рэлігій, уводзілася нац. міліцыя ў правінцыях Іспаніі. Кароль Фердынанд VII, які вярнуўся ў Іспанію, у маі 1814 адмяніў канстытуцыю. Адноўлена ў пач. Ісп. рэвалюцыі 1820—23, але зноў адменена Фердынандам VII у кастр. 1823. Трэці раз уступіла ў сілу ў жн. 1836 і дзейнічала да прыняцця ў чэрв. 1837 новай канстытуцыі.
т. 7, с. 407
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)